greenNew-2.jpg5ceccc4d20ad9

Запрошенная Вами страница не найдена

Проверьте правильность написания названия страницы

(design): design-elements/menu-header-1.tpl

12
Декабря
Четверг
Tlgrm Inst. FB TW VK OK
Баннер не установлен
Баннер не установлен
wot.jpg5bc5985a3b71c
raspisanie_brest_3.jpg5a72cab07d02e
баннер.jpg5dc178182d55d
Что? Где? Когда?
Кто станет главным тренером Динамо-Брест?
Курс валют в Бресте и области

Доўгім шляхам да ісціны

00:00 10.10.2011
    Я маю на ўвазе толькі што атрыманую з Брэсцкай друкарні кнігу, а па сутнасці глыбокае і таленавіта пададзенае навукова-гістарычнае даследаванне нашага земляка Леаніда Несцерчука “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі: Манарх, асветнік, мецэнат”. Адразу ж адзначу, што гэта не першы літаратурны здабытак Леаніда Міхайлавіча. Раней з-пад яго пяра выйшлі сур`ёзныя манаграфіі “А. Т. Касцюшка: Вяртанне героя на радзіму” і “Напалеон Орда: Шлях да Бацькаўшчыны”, якія былі неабыякава сустрэты чытачамі і прафесійнымі гісторыкамі, хаця і атрымалі ў іх асяроддзі падчас спрэчныя меркаванні. Дык у гэтым нічога дрэннага і няма: так і павінна адбывацца, калі творчая праца прыцягвае да сябе ўвагу. Але ўжо з саміх назваў манаграфій недасведчаны чытач для сябе зазначыць, што аўтар вяртае для нас такіх добра вядомых і... малавядомых гістарычных асоб, якія не толькі ў свой час з`явіліся на свет на Берасцейшчыне, але тут яшчэ і адбыліся як асобы, усё сваё жыццё прагна імкнуліся да роднай зямлі, якая і натхняла, і надавала жыццёвыя сілы.
    І тут таксама ў цэнтры даследавання Леаніда Несцерчука асоба гістарычная, незвычайна цікавая, таленавітая і ў той жа час - супярэчлівая і... няшчасная. Па сённяшні дзень у нашай суседкі Польшчы наконт апошняга яе манарха Станіслава Аўгуста не сціхаюць спрэчкі, і нямала тых, хто бачыць у ім толькі здрадніка інтарэсаў Рэчы Паспалітай і напрамую звязвае яго імя з  падзелам Польшчы паміж трох імперскіх дзяржаў - Расіі, Аўстрыі і Прусіі.
    Але ж, але... Толькі ў казках так адбываецца, што ўсё могуць каралі. Каб усвядоміць, чаму адбылося на той час у Польшчы іменна так і ніяк інакш, трэба добра ведаць многае з тых няпростых часоў - ад раскладу сіл у Еўропе да ўнутранага становішча ў самой Польшчы з яе “трухлявай” (і ў гэтым няма нічога ганебнага, бо і самі палякі з гэтай адзнакай згаджаюцца) палітычнай сістэмай і квёлай эканомікай. Карацей кажучы, некалі магутнейшую ў Еўропе дзяржаву раз`ядноўвалі пастаянныя інтрыгі і супярэчнасці паміж вядомымі ў краіне магнацкімі родамі наконт першародства, магутнасці, прамога ўздзеяння на ўнутраную, а то і знешнюю палітыку краіны. У гэтым бясконцым спаборніцтве за ўплыў кожная з груповак увесь час апелявала да нейкай знешняй сілы - ці то рускай, ці то прускай, ці то аўстрыйскай.
    О, бедны, бедны кароль! Так, і сёння можна паставіць яму ў віну, што не змог кансалідаваць грамадства, што сам рабіў супярэчлівыя крокі, але ж зноў-такі трэба ведаць унутраную і знешнюю сітуацыю той пары, каб усвядоміць і паспрабаваць зразумець Яго Вялікасць. Дарэчы, многае з таго, што адбывалася ў Польшчы ў тыя часы, можна перанесці на падзеі сённяшняга часу. Так, гісторыя не мае ўмоўнага ладу.
    Але ж даруем гэту няўдзячную працу гісторыкам. Мы ж адзначым, што гэтыя думкі міжволі ўсплываюць на паверхню, калі чытаеш грунтоўную манаграфію Леаніда Несцерчука “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі: Манарх, асветнік, мецэнат”, бо ў ёй падаецца дэталёвы аналіз і таго часу, і нораваў той эпохі, вельмі ўдала паказаны ўнутраныя ваганні відавочна дзейнага, аб`ектыўна пададзенага аўтарам героя. Чырвонай ніткай праз усю манаграфію аўтар праводзіць думку, што асобу Станіслава Аўгуста неабходна разглядваць не ізалявана, а ў кантэксце супярэчнасцей бурлівых падзей таго часу.
    Як  жа гэта актуальна і для нас з вамі, калі мы часамі пачынаем даваць адзнаку той ці іншай гістарычнай асобе сучаснай гісторыі! Ці не прыніжаем пры гэтым сябе, ці не збядняем сваю айчынную гісторыю, нашы агульныя здабыткі? Так, гісторыя падаецца нам не толькі праз падзеі, але і знакамітыя асобы, бо адно з другім цесна звязана і іх проста насамрэч нельга аддзяляць.
    Трэба толькі па-добраму пазай-
здросціць упартасці Леаніда Несцерчука, яго руплівасці ў даследаванні, бо ім, праўда, выканана вельмі цяжкая і адказная навуковая праца. Дарэчы, яна заняла ў Леаніда Міхайлавіча цэлых пятнаццаць гадоў, ён скрупулёзна вывучаў амаль поўную бібліяграфію пра апошняга манарха Рэчы Паспалітай, якая налічвае больш за тысячу друкаваных прац як айчынных, так і замежных даследчыкаў ягонага (манарха) жыцця і творчасці. Ужо з самой назвы відавочна, што Леанід Несцярчук перш за ўсё імкнуўся адкрыць нам асобу Станіслава Аўгуста як асветніка і мецэната, незвычайна многа ўплываўшага на развіццё тагачаснай польскай адукацыі, навукі, літаратуры і мастацтва. Згадзіцеся, далёка не апошняя справа, каб не схіліць галавы перад намаганнямі гэтага чалавека.
    Нам жа ўдвая цікавая асоба С. А. Панятоўскага яшчэ і тым, што ён наш зямляк, уроджаны ў вёсцы Воўчын сучаснага Камянецкага раёна, дзе яшчэ зусім нядаўна, да 1989 года ў зруйнаваным на той час Воўчынскім касцёле Святой Тройцы знаходзіліся рэшткі караля. Дарэчы, так атрымалася, што рэшткі Станіслава Аўгуста тройчы трапілі пад перазахоўванне. Вось так палітычныя ваганні бралі верх не толькі над хрысціянскімі каштоўнасцямі, але і над цвярозым розумам.
    Хто яго ведае, але ж у сённяшнім асэнсаванні гісторыі можна не зусім згадзіцца з тагачаснымі беларускімі ўладамі, якія вырашылі перадаць польскаму боку рэшткі караля, бо, як ні круці, быў ён яшчэ і Вялікім князем Літоўскім і меў самыя непасрэдныя адносіны да Беларусі. Але ж, тым не менш, рашэнне, якім бы яно ні было, прынята і з пазіцыі тых жа хрысціянскіх каштоўнасцей можна толькі ўзрадавацца за бедную душу няшчаснага манарха, што яна нарэшце атрымала вечны спакой. Нам жа, на мой погляд, трэба больш асэнсавана і настойліва ставіцца да адметных гістарычных асоб, якія нарадзіліся на нашай зямлі, у асяроддзі і пад уплывам якой адбыліся як выдатныя асобы. У гэтым пытанні, безумоўна, ёсць элемент рытарычнасці, але ж зыходзіць толькі з таго, на якой мове размаўляў ці пісаў чалавек, не зусім правільна. Яскравы прыклад таму -  вядомы класік польскай літаратуры Адам Міцкевіч, які хоць і пісаў па-польску, але ж сам падкрэсліваў, што ён - ліцвін. Гэты прыклад якраз сведчыць, што ў нашых народаў - польскага і беларускага - многа агульнага, што нас многае аб`ядноўвае, і ў той жа час - мы асобныя, са сваёй постаццю, за якую трэба паважаць адзін аднаго, а не падзяляцца на “старэйшых” ці “малодшых”, тым больш крыўдна, калі хтосьці пачынае кагосьці вучыць, як таму трэба жыць і паводзіць сябе ў гэтым свеце.
    Яшчэ адзначу такую прыкметную акалічнасць. Трэба, безумоўна, падзякаваць нашай Брэсцкай друкарні, якая на прыкладзе выдання манаграфіі Л. М. Несцерчука “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі: Манарх, асветнік, мецэнат” прадэманстравала свой высокі прафесійны ўзровень. Так, выданне адпавядае самым запатрабавальным густам у плане паліграфічнага выканання. Такая кніга не толькі ў эстэтычным плане ўпрыгожыць любую кніжную паліцу, але за гонар стане, калі трэба зрабіць камусьці дарагі падарунак. Вось толькі, на жаль, наклад у выдання вельмі сціплы - ўсяго тысяча экземпляраў. Але ж, як вядома, добрыя кнігі маюць адметнасць перавыдавацца. Хочацца верыць, што і гэтую чакае такі лёс.


Автор
Аляксандр ІВАНОЎ

Комментарии

Оставить комментарий:

Ваше имя
Введите имя (псевдоним), под которым будет опубликовано сообщение
Ваш e-mail
Необязательное поле. Введите свой e-mail если желаете получить уведомления об ответах
Текст сообщения
Я Согласен с правилами размещения комментариев Прочитайте правила и поставьте флажок, если согласны с ними
turing image
Каптча Нам важно знать, что Вы человек!