кондрат31-4.gif5890875fa80e1

Запрошенная Вами страница не найдена

Проверьте правильность написания названия страницы

(design): design-elements/menu-header-1.tpl

14
Ноября
Среда
FB TW VK OK
okon_vesna.gif58c1585bf2bad
Баннер не установлен
lestv.gif537ef1827c008
raspisanie_brest_3.jpg5a72cab07d02e
rod.jpg5a96ad12c3b7c
Что? Где? Когда?
Как вы оцениваете качество, оказываемых ЖКХ услуг?
Курс валют в Бресте и области
Крэйдзіч_здымак.jpg5b7aaf8076d82

Да дня беларускага пісьменства

15:09 20.08.2018

Сёлета шматлікіх гасцей юбілейнага – 25-га па ліку – Дня беларускага пісьменства будзе прымаць 2 верасня г. Іванава.

Свята прысвечана тэме «Мая малая радзіма». І наша гутарка сёння з пісьменнікам Анатолем КРЭЙДЗІЧАМ (на здымку). 

– Анатоль Мікалаевіч, што асабіста для вас гэтае свята? Ахарактарызуйце, калі ласка, яго значнасць для раёна і рэгіёна.

– Значнасць? Самая вялікая, якую толькі можна сабе ўявіць. З Полацка – ды ў Іванава. Вялікі гонар! Тым больш – гэта юбілейны, 25-ты, Дзень пісьменства, ды яшчэ пад лозунгам «Мая малая радзіма».

Як адзiн з прыхiльнiкаў выбару роднага горада месцам правядзення Дня беларускага пісьменства, я да гэтай пары не магу апамятацца ад таго шчаслівага шоку, які перанёс пасля званка з Міністэрства культуры Беларусі на рабочы тэлефон у Саюзе пісьменнікаў. Мне паведамілі, што рашэннем арганізацыйнага камітэта па правядзенні галоўнага літаратурнага свята краіны яго сталіцай у 2018 годзе зацверджана Іванава. Здавалася б, куды сапернічаць з большымі гарадамі і болей старажытнымі. Тым не менш аргументы пераканалі членаў аргкамітэта. Найперш тым, што наш невялічкі раён славіцца сваёй літаратурнай біяграфіяй. Прычым размова тут не толькі пра Фёдара Дастаеўскага, родавыя карані якога ў вёсцы Дастоева непадалёку ад Іванава, не толькі пра Яна Пратасовіча, які жыў у сярэднявеччы, пісаў і выдаваў кнігі на старабеларускай мове, але і пра сучаснікаў, пасляваеннае пакаленне. Спіс на дзясяткі і дзясяткі прозвішчаў.

А ў тым, што свята пройдзе на высокім узроўні, я ніколькі не сумняваюся, бо вопыт у іванаўцаў у такіх справах велізарны. Дастаткова прыгадаць міжнародныя святы «Мотальскія прысмакі» ды «Фальклор без межаў», абласныя «Дажынкі», дзякуючы якім горад значна папрыгажэў, умацавалася інфраструктура. Так што ад свята чакаю толькі найпрыемнейшых уражанняў. Хоць і клопатаў таксама шмат. Вось падрыхтаваў рукапіс кнігі пра літаратуру і літаратараў Іванаўшчыны. Цяпер важная справа – выдаць яе. Але ж мы дзеля таго і жывем, каб ствараць. І гэтым шчаслівыя. А Дзень пісьменства ў Іванаве – гэта як заслужаная вялікая ўзнагарода за працу.


– Якія яшчэ выданні рыхтуюцца ў Іванаве да вялікага свята?

– Сумесна з Міністэрствам інфармацыі раённая газета рыхтуе кнігу пра знакамітых людзей Іванаўшчыны… Няхай гэта будзе інтрыгай. На Іванаўшчыне сапраўды вельмі многа знакамітасцяў. Але не будзем забягаць наперад. У кнізе ўсё будзе навідавоку, трэба толькі дачакацца свята і атрымаць дарунак.

– І ўсё ж, чым адметны Іванаўскі раён у літаратурным плане?

– Гістарычнымі постацямі, што ўвекавечылі свае імёны творчасцю. Сярод іх – Фёдар Дастаеўскі, Ян Пратасовіч, Напалеон Орда!.. Праўда, калі Пратасовіч ды Орда нарадзіліся на гэтай зямлі (першы – у вёсцы Магільна, якая даўно злілася з горадам Іванава, а другі – у Варацэвічах, за 15 кіламетраў ад райцэнтра), дык для Дастаеўскага Іванаўшчына з’яўляецца прарадзімай – тут жылі яго далёкія продкі. Акрамя таго, вёсцы Дастоева вялікі рускі пісьменнік і гуманіст абавязаны сваім прозвішчам. 

І вось такая цікавая дэталь: калі Дастаеўскі пісаў на рускай мове, а Напалеон Орда – па-польску, то мова Яна Пратасовіча – спаконвечна беларуская (старабеларуская, блізкая да той, на якой напісаны Статут Вялікага Княства Літоўскага, хоць ва ўсіх крыніцах пазначана чамусьці, што пісаў па-польску). Ян Пратасовіч – aўтар шасці паэтычных кніг, выдадзеных у Вільні ў канцы XVI – пачатку XVII ст. Цяпер імя паэта ў Белаpyci практычна невядома, няма пра яго артыкула ў бібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі», не з’явілася ніводнай публікацыі ў друку пра яго творчасць.

Ян Пратасовіч быў чалавекам адукаваным, ведаў лацінскую, грэчаскую i заходнееўрапейскія мовы. Найбольш верагодна, што атрымаў адукацыю ў якім-небудзь заходнееўрапейскім універсітэце дзякуючы падтрымцы багатых мецэнатаў (магчыма, Радзівілаў або Скуміных). У 1570 – 1580-я гады займаў пасаду віленскага гарадскога суддзі. Мяркуюць, што з канца 1580-х і да сярэдзіны 1590-х гадоў жыў у сваёй вёсцы каля Іванава. Тут былі задуманы i напісаны яго маральна-павучальныя i навуковыя творы, для публікацыі якіх ён прыязджаў «у слаўнае места Віленскае». У час службовай дзейнасці Ян Пратасовіч найбольш бываў у асяроддзі чыноўнікаў гарадскога самакіравання i служылай шляхты. Стаўшы аўтарам кнiri, ён увайшоў у гуманістычны гурток разначыннай інтэлігенцыі, што групавалася вакол друкарні i выдавецтва Яна Карцана.

Час на дзіва літасціва абышоўся са спадчынай Яна Пратасовіча: да нас дайшло ажно шэсць кніг паэта. Kaлi зыходзіць з колькасці выдадзеных кніг, можна падумаць, што Пратасовіч быў адным з самых пладавітых паэтаў княства эпохі Рэнесансу. Але, насамрэч, аб’ём ягонай друкаванай спадчыны невялікі: каля 120 старонак (прыкладна, як вершаваны трактат М. Стрыйкоўскага «Ганец Цноты»). Храналогія выдання ягоных твораў выглядае наступным чынам: 1595 – першы, 1597 – чатыры наступныя, 1608 – апошні. Наколькі вядома, ніводнаму з калегаў Пратасовіча не ўдавалася на працягу года выдаць ажно чатыры кнігі; гэта ўвогуле выключны выпадак у тагачаснай літаратурна-выдавецкай практыцы. Чым тлумачыцца творчы выбух 1597 года – нечаканым збегам акалічнасцяў, падтрымкай прыяцеляў-мецэнатаў, добразычлівасцю друкара Я. Карцана, – невядома. Яшчэ больш дзіўна выглядае дзесяцігадовае маўчанне паэта пасля такога выдавецкага поспеху.

– Анатоль Мікалаевіч, а хто пакінуў самы яркі след пасля Пратасовіча як пісьменнік?

– Наступны знакаміты сын зямлі іванаўскай, які пакінуў прыкметны след і ў слоўным мастацтве, акрамя іншых, гэта Напалеон Орда. Нарадзіўся ён 11 лютага 1807 года ў родавым маёнтку Варацэвічы ў сям’і маршалка шляхты Кобрынскага павета, інжынера-фартыфікатара Міхала Орды. Атрымаўшы пачатковую адукацыю дома ад бацькоў, Орда далейшую вучобу працягваў у Свіслацкай гімназіі, якую паспяхова скончыў у 1823 годзе. У тыя часы буйнейшым адукацыйным цэнтрам, асяродкам вольнай дэмакратычнай думкі з’яўляўся славуты Віленскі ўніверсітэт, куды адразу пасля гімназіі паступае Орда на фізіка-матэматычны факультэт. Выкладчыкі адзначалі яго выдатныя здольнасці.

Пасля вяртання з Парыжа, каб забяспечыць матэрыяльнае становішча, працуе хатнім настаўнікам музыкі ў генерала Адама Ржавускага на Валыні. У вольныя ад працы месяцы Орда шмат падарожнічае па Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне. У час сваіх вандровак робіць замалёўкі архітэктурных і гістарычных помнікаў, гарадоў і мястэчак, славутых мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю знакамітых людзей. Вынікам гэтых вандраванняў з’явіўся багаты збор мастацкіх твораў, гэта больш за 1150 малюнкаў, з якіх каля 200 прысвечаны менавіта Беларусі. Для сваёй творчасці Hапалеон Орда выбраў тэхніку алоўкавага малюнка, падмаляванага акварэллю, гуашшу ці сепіяй, якой дасканала валодаў. Менавіта гэтая тэхніка малявання дазваляла аператыўна і найбольш дакладна адлюстраваць натурны архітэктурны краявід ва ўмовах падарожжа.

Жыццё і творчая дзейнасць Напалеона Орды – яскравая старонка гісторыі нацыянальнай культуры. Сціпласць і бескарыслівасць, разнастайнасць высакародных інтарэсаў, незвычайная шматгранная таленавітасць, няспынная цікавасць да лёсу роднага краю – усё гэта якасці чалавечай постаці буйнога асветніка і мысліцеля Беларусі XIX стагоддзя. У 1997 годзе ў горадзе Іванава яму ўстаноўлены помнік, выкананы скульптарам I. Голубевым. Яго імем названы адна з вуліц і школа мастацтваў у райцэнтры.

У Напалеона Орды багатая і пісьменніцкая біяграфія. Ён пісаў артыкулы для розных выданняў, напрыклад, друкаваўся ў варшаўскім «Тыгодніку ілюстраваным». Вось невялiчкi ўрывак з гэтага твора:

 «Аляксандр Скірмунт нарадзіўся ў 1798 годзе ў Моладаве Гродзенскай губерні Кобрынскага павету (цяпер Іванаўскі раён. – А. К.). Бацьку яго звалі Сымон, маці – Эльжбета. Яна – з сям’і Ажэшкаў.

Род Скірмунтаў вельмі старажытны. Даўно пусціў ён на Піншчыне сваё карэнне, умацаваўся тут, вырас.

У 1818 годзе Аляксандр скончыў Віленскі ўніверсітэт, дзе вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце, і атрымаў ступень магістра. Для таго, каб сын мог прадоўжыць вучобу, бацькі адправілі яго спачатку на Нямеччыну, а пасля ў Францыю, дзе здольны і працавіты юнак на свае вочы ўбачыў, як там кожны чалавек прысвячае сябе ўзвядзенню гмаха цывілізацыі. Праз некалькі год, праведзеных за мяжою, ён вярнуўся дамоў з невыказнаю прагай працы. Бацька, чалавек немаладых гадоў, аддаў капітал і маёнтак у сынавыя рукі, і Аляксандр, будучы яшчэ досыць маладым, прыступіў да наладжвання прамысловасці.

Узяўшы на ўзбраенне хімію – адну з тых дакладных навук, у якую ён быў улюбёны, заснаваў у 1830 годзе ў Моладаве фабрыку па перапрацоўцы буракоў на цукар. Але з-за таго, што кіраваць прадпрыемствам быў пастаўлены чалавек, які слаба арыентаваўся ў вытворчасці, цалкам новай у тых мясцінах, і які, да ўсяго, быў абраны неўзабаве маршалкам Пінскага павету, не было каму надаваць належную ўвагу рабоце прадпрыемства. І як вынік – цукраварня ўскладзеных на яе спадзяванняў не апраўдала, а ў 1835-м наогул была знішчана пажарам.

Чалавек працавіты і багаты заўсёды ўзбуджае ў іншых зайздрасць. Дык вось зайздросныя людзі глядзелі з недаверам і перасцярогай на ўсё новае, нязвыклае і папярэджвалі Скірмунта, маўляў, колькі б ён ні будаваў цукраварняў, усе яны ператворацца ў руіны.

Аднак падобныя пагрозы не спынілі Аляксандра, і ў 1836 годзе ён у тым жа Парэччы (у трох мілях ад Пінска) заснаваў суконную фабрыку. Напачатку магутнасць прадпрыемства была невялікая, але хутка яна вырасла да ста механічных варштатаў.

Думка першапраходцы, здавалася, не ведала адпачынку. Нягледзячы на тое, што фабрыка сукна працавала выдатна, яму ўсё здавалася, што гэта замала, што патрэбна нешта новае. Вось чаму ён вярнуўся да найпершай сваёй задумы і ў 1860 годзе пабудаваў новую цукраварню, толькі ўжо не на ранейшым месцы, а ў тым жа Парэччы. Апошняя за адзін толькі дзень перарабляла 1000 цэнтнераў буракоў, што стала магчымым дзякуючы прымяненню такой тэхнічнай навінкі, як цэнтрыфуга. Абодва гэтыя прадпрыемствы разам з механічным варштатам далі занятак і заробак шасцістам работнікам, дапамагалі гаспадару падтрымліваць матэрыяльна збяднелых сваякоў, а таксама дазвалялі вывучыцца немаёмнай моладзі на добрых майстроў і рамеснікаў. Здольнейшых спадар Скірмунт пасылаў на іншыя фабрыкі ў сваім краі і за мяжу вучыцца (расходы за гэта ён браў на сябе), а пасля вяртання ў Парэчча яны доўгія гады заставаліся пад бацькоўскаю апекай уладальніка прадпрыемстваў. З такіх, між іншым, і сам дырэктар фабрыкі сукна, які пачынаў простым фарбавальшчыкам, а дзякуючы сваім здольнасцям і працавітасці дасягнуў пасады ўправіцеля цэлага прадпрыемства...».

– Гэта гісторыя вельмі цікавая. Але ж ёсць і новыя імёны. Сённяшнія. Якое вы бачыце самым яскравым, гучным?

– Сучаснае слоўнае мастацтва Іванаў-шчыны прымнажае набытак новымі імёнамі і творамі, стылямі і фарбамі. Імёны празаікаў, паэтаў, пісьменнікаў-дакументалістаў Аляксея Каўко, Міколы Федзюковіча, Міколы Панасюка, Міколы Трафімчука, Валерыя Кухарчука, Васіля Жушмы і многіх іншых атрымалі шырокую вядомасць у краіне і за яе межамі. Тым больш што на Іванаўшчыне паспелі папрацаваць такія вядомыя пісьменнікі, як Алесь Крыга, сын Алеся Асіпенкі, Мікола Купрэеў, папулярны беларускі паэт і празаік, аўтар кнігі «Правінцыйныя фантазіі», якая выклікала фурор сярод аматараў літаратуры ў Беларусі і за межамі краіны, дый шмат іншых пісьменнікаў…

– Да Дня беларускага пісьменства варта было б прыгадаць усе імёны, якія пакінулі след у літаратуры гэтага рэгіёна.

– Гэтых імёнаў, вартых павагі і ўшанавання, дзясяткі, калі не сотні. Сярод іх Уладзімір Гетманчук, Ала Каткавец, Леаніла Кароль, Васіль Пернач, Васіль Туркевіч, Ірына Саломка, Лізавета Саханчук, Валянціна Кульбеда-Бакун, Марыля Лагодзіч, Алена Утыра, Мікола Налівайка, Рыгор Сыраватка…

– Асобна пра некага з літаратараў, бо пра ўсіх не скажаш, можаце распавесці больш падрабязна?

– Перш-наперш пра Аляксея Трафімавіча Каўко, першага рэдактара «раёнкі». Гэта не проста рэдактар, а яшчэ і выдатны пісьменнік. Яго апавяданне «Піянер» у пяцідзясятых гадах мінулага стагоддзя вытрымала некалькі перавыданняў у падручніках для школьнікаў-пачаткоўцаў; ён, акрамя ўсяго, выбітны байкапісец. Яго творы публікаваліся ў вядучых часопісах краіны, а ў «Вожыку» ён быў пастаянным аўтарам. Аляксей Трафімавіч – Ганаровы грамадзянін горада Іванава і Іванаўскага раёна, на вялікі жаль – нябожчык. Але ў памяці застанецца назаўсёды. Нагадвае пра яго і шыльда на сцяне будынка рэдакцыі райгазеты. Ён выпесціў выдатных пісьменнікаў: Міколу Панасюка, Міколу Трафімчука, Уладзіміра Сітуху і многіх іншых. 

 

Гутарыў Аляксандр ЛАГВIНОВIЧ. 

 


Комментарии

Оставить комментарий:

Ваше имя
Введите имя (псевдоним), под которым будет опубликовано сообщение
Ваш e-mail
Необязательное поле. Введите свой e-mail если желаете получить уведомления об ответах
Текст сообщения
Я Согласен с правилами размещения комментариев Прочитайте правила и поставьте флажок, если согласны с ними
turing image
Каптча Нам важно знать, что Вы человек!