Маладая пісьменніца Наталка Харытанюк
напісала кнігу для дзяцей «Казкі старога Адамкова». Героі гісторый жывуць не ў
далёкім трыдзявятым царстве і нават не ў трыдзясятай дзяржаве, а зусім блізка –
у брэсцкім мікрараёне «Рэчыца». Месца абрана невыпадкова – менавіта тут Наталка
правяла сваё дзяцінства.
Кніга стала супольным праектам пісьменніцы
з Брэста і ілюстратара з Мінска Волі Кузьміч. Выдаць яе атрымалася дзякуючы
папулярнай краўдфандынгавай пляцоўцы «Talaka». Што дзіўна – патрэбная сума была
сабрана ўжо на трэці дзень пасля старту праекта. У выніку атрымалася назапасіць
цэлых 120% запланаваных сродкаў!
– Паколькі грошай атрымалі больш, чым
планавалі, мы вырашылі зрабіць акцэнт на ілюстрацыях. Хацелася, каб тэксту на
старонках было мала, а прамаляванай казкі – шмат, – расказала Наталка
Харытанюк. – Бо нават добрую гісторыю можна сапсаваць дрэнным афармленнем. А
для дзяцей так важны малюнкі.
У зборнік увайшлі тры пацешныя гісторыі пра
дзяцінства пісьменніцы і яе старэйшага брата Кастуся – «Кастусь за шпалеркай»,
«Два камякі бруду» і «Кветка старога двара». Усе яны размясціліся пад цвёрдай
вокладкай фармату А4 на 44 шчыльных старонках. Кожны разварот цешыць маленькіх
чытачоў вялікімі яркімі ілюстрацыямі. Малюнкі можна разглядаць вельмі доўга – мастачка
Воля Кузьміч дадала некалькі цікавых дэталяў, якія не адносяцца да сюжэту, але
падымаюць настрой маленькім чытачам. Напрыклад, са старонкі на старонку вандруе
зграйка гарадскіх галубоў, раз-пораз трапляючы ў розныя гісторыі.
– Дарагая майму сэрцу Воля Кузьміч так
малюе мой родны двор і мяне ў ім, што ўсё ўнутры растае, – прызналася Наталка.
Рэдактарам кніга выступіла паэтка Марыя
Мартысевіч, а карэктарам – паэтка і спявачка Галіна Сіўчанка. Аўтар выказвае ім
вялікую ўдзячнасць за іх карпатлівую працу і далікатнасць у абыходжанні з
тэкстам.
Галоўным натхненнем для Наталкі з'яўляецца
яе сын. Як толькі хлопчык навучыўся гаварыць, адразу ж стаў прасіць бацькоў,
каб тыя расказвалі яму цікавыя гісторыі. Тата Ігар накіроўваў малога ў свет,
напоўнены Цмокам, русалкамі і прывідамі. А Наталка ўспамінала сваё вясёлае
дзяцінства і дапаўняла яго казачнымі дэталямі. Напрыклад, у адным з апавяданняў
маленькая гераіня з'ядае цыбуліну каралеўскай лілеі і, да свайго велізарнага
здзіўлення, выяўляе, што пачынае пускаць карані! А ў іншай казцы Кастусь
выпадкова ўрастае ў сцяну, памяняўшыся з ёй малекуламі, а Наталцы даводзіцца
даведацца, што такое дыфузія.
– Мне падабаюцца добрыя казкі, у якіх
персанажы знаходзяць памочнікаў і робяцца лепшымі, вучацца пераадольваць
негатыўныя эмоцыі, – адзначыла пісьменніца.
Па кнізе «Казкі старога Адамкова» быў зняты
буктрэйлер. Мультыплікацыйны ролік можна ўбачыць на папулярным відэахостынгу Youtube.
– Хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто
падтрымаў наш праект! Асобная падзяка ўсім фундатарам (асабліва Ігару
Жабароўскаму, кампаніі «Цесляры» і арганізацыі «Symbal.by»), пляцоўцы «Талака»
і выдавецтву «ЛогвінаЎ», – выказала ўдзячнасць Наталка Харытанюк.
Оставить комментарий: