Жнівень 1517 года… Чэшская
Прага… З друкарскага станка ў сярэдневяковым памяшканні на адной з маляўнічых
вулачак выходзіць першая кніга Францыска Скарыны «Псалтыр». Пачынаецца эпоха
беларускага кнігадрукавання.
Жнівень 2017 года…
Беларускае грамадства шырока адзначае 500-гадовы юбілей Скарынавай кнігі.
Значны ўклад у правядзенне розных мерапрыемстваў уносяць і публічныя бібліятэкі
Брэсцкай вобласці. Яскрава і красамоўна распавесці пра тытана беларускай
культуры Ф. Скарыну, яго эпоху, а таксама пра яго ролю ў развіцці беларускага і
ўсходнеславянскага кнігадрукавання, станаўленне беларускай мовы і літаратуры
павінны бібліятэчныя кніжныя выставы і экспазіцыі.
На працягу жніўня ўсе
прыхільнікі беларускай культуры змогуць наведаць цікавыя і пазнавальныя,
традыцыйныя і арыгінальныя бібліятэчныя мерапрыемствы. Так, брастаўчане і госці
абласнога цэнтра з 6 жніўня і на працягу наступнага тыдня маюць магчымасць
прыняць удзел у гістарычным подыуме «Першая гістарычная кніга: погляд праз
прызму часу» і ў гістарычных ракурсах «З гісторыі беларускага кнігадрукавання»,
«Пачатак выдавецкай дзейнасці», якія адбудуцца ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской
бібліятэцы імя А.С. Пушкіна. А напрыканцы бягучага месяца сумесна з валанцёрамі
Праваслаўнага маладзёжнага брацтва ў гонар свяціцеля Мікалая пры
Свята-Мікалаеўскім брацкім храме супрацоўнікі спецыялізаванай
бібліятэкі-філіяла № 12 правядуць урок духоўнасці «Кніга сусветнай славы» для
чытачоў з абмежаванымі магчымасцямі зроку.
Да 500-годдзя з пачатку
выдавецкай дзейнасці Ф. Скарыны ў Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы
імя В. Таўлая шэраг мерапрыемстваў пачаўся пад назвай «Загадкавыя кніжныя знакі
Францыска Скарыны». У бібліятэках гарадоў Бяроза і Белаазёрск будуць
экспанавацца кніжныя выставы «Духоўная кніга – крыніца вялікай мудрасці»,
«Спадчына Францыска Скарыны: погляд праз стагоддзі», «Пад знакам Францыска
Скарыны», «Ясны месяц Скарынавай кнігі». Бібліятэка аграгарадка Агарэвічы, што
ў Ганцавіцкім раёне, 17 жніўня і 1 верасня запросіць усіх жадаючых на экскурсію
«Кніга і час» у пакой рэдкай кнігі, а ў раённай дзіцячай бібліятэцы ў апошні
месяц лета і ў верасні будзе экспанавацца кніжная выстава «Жыццё і мудрасць на
паперы». Раённая ж бібліятэка імя В. Праскурава праз арыгінальную карціну на
адным са сваіх вокнаў запрашае чытачоў наведаць экспазіцыю «Францыск Скарына –
асветнік і першадрукар», якая пачне дзейнічаць 1 верасня.
У сельскіх бібліятэках
Драгічыншчыны ў гонар Ф. Скарыны ў
жніўні адбудуцца наступныя святочныя мерапрыемствы: «Скарынаву кнігу ў вечнасць
пусціць», «Беларускія асветнікі», «Жить не по лжи. А по великой мудрости» і
інш. Супрацоўнікі Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі сумесна з
дзяржаўнай установай адукацыі «Жабінкаўскі раённы цэнтр творчасці для дзяцей і
моладзі» падрыхтавалі разгорнутую выставу-панараму «Часоў былых і новых
повязь», якая, пачынаючы з 16 чэрвеня і да канца года, працуе ў фае бібліятэкі.
Адметнасцю экспазіцыі стаў трыпціх «Вобразы Залатога веку», створаныя
ўдзельнікамі аб’яднанняў «Аўтарская лялька» і «Кераміка» (К. Шахалевіч, Л.
Пашко, Н. Платонава і А. Валасюк).
Да 500-годдзя беларускага
кнігадрукавання ў публічных бібліятэках Кобрынскага раёна будуць дэманстравацца
кніжныя выставы «500. З кнігай Скарыны», «Благаславёныя Скарынай», «З глыбінь
вякоў нам засталася кніга», «Слава Францыска не ведае межаў» і інш. Жыхароў і
гасцей г. Лунінца супрацоўнікі раённай бібліятэкі запросяць 6 жніўня на
выставу-алею «Час чытаць!» і паэтычны подыўм «Любімаму гораду – нашы таленты».
Кніжныя выставы «Часоў былых і новых повязь», «Дыялог стагоддзяў» падрыхтаваныя
бібліятэкарамі Лукаўскай, Хаціслаўскай і Арэхаўскай сельскіх бібліятэк
Маларыцкай бібліятэчнай сістэмы, пазнаёмяць наведвальнікаў з гісторыяй
беларускага кнігадрукавання ад Скарыны да нашых часоў.
На пачатку верасня традыцыйна да Дня
беларускага пісьменства і друку бібліятэкі Брэстчыны штогод праводзяць шмат
цікавых і разнастайных мерапрыемстваў. Запрашаем вас, шаноўныя жыхары вобласці,
наведаць літаратурныя святы і вечары паэзіі, гістарычныя падарожжы, прэзентацыі
новых кніг, літаратурныя і музычныя кампазіцыі і іншыя мерапрыемствы. З
анонсамі цікавых сустрэч можна пазнаёміцца на сайтах цэнтральных бібліятэк.
Алена ПАСТЫКА,
вядучы бібліятэкар аддзела
бібліятэказнаўства
УК «Абласная бібліятэка імя
М. Горкага»
Оставить комментарий: